БЯЖЫ!

Блог пра тое, як узяць сябе ў рукі
і пачаць бегаць
Першы ў гісторыі Вольны забег вольных беларусаў! Глядзіце вынікі!
Нас – 104 атлеты. Сярод нас аматары, пачаткоўцы і профі. Мы жывем у розных краінах і на розных кантынентах. Нас аб'яднала ідэя вольнага забегу да Дня Волі і 100-годзя абвяшчэння БНР, нас абʼяднаў сцяг і Беларусь у сэрцы.
Калі праводзіць кароткае падсумаванне, то агулам удзельнікі забегу #belarus100run прабеглі 669 км. Да акцыі далучыліся 104 асобы з 16 краінаў!
Хто мы і навошта гэта зрабілі?
Ідэя Вольнага забегу нарадзілася фактычна ў дыскусіі ў Фэйсбуку і належыць перадусім Вользе Ермалаевай Франко – беларусцы, што цяпер жыве ў Саўвадоры (Бразілія).
Вольга Ермалаева Франко з мужам Патэрсанам
Гэта некамерцыйная імпрэза, без спонсараў, медалек і стартавых пакетаў. Кожны сам вызначае дыстанцыю і тэмп. Паводле агучаных умоваў удзелу дастаткова прабегчы вольную дыстанцыю, зафіксаваць яго з дапамогаю праграмы-трэкера, сфатаграфавацца з нацыянальнымі сімваламі і выкласці фота ў сацсетках з тэгам #belarus100run.
Але гэта наш забег, Вольны забег і таму мы вырашылі не ставіць штучных абмежаванняў: да акцыі далучаліся і беларусы ў Беларусі, і замежнікі, якія сімпатызуюць нашай краіне.
Агульны залік, нашыя вынікі
Нашыя рэкорды і неспадзяванкі
З нашым сцягам можна не толькі бегаць, але і скакаць з самалёту! Гэтак зрабіў беларус Дзмітрый Джум.
Яўген Нагорны
Яўген Нагорны з Рэчыцы прабег да 100-годдзя БНР 100 км! Хоць ягоны забег выйшаў па-за часовыя межы #belarus100run, але незаўважным праз гэта застацца не мог!
Яраслаў Іванюк з Польшчы
Найбольш кіламетраў за раз у межах #belarus100run прабег Яраслаў Іванюк, які жыве ў Грабоўцы (Польшча).
Самы масавы забег атрымаўся ў беларусаў з Чыкага: 14 асобаў беглі арганізаванаю групаю, яшчэ трое – зладзілі індывідуальныя забегі ў гэтым жа горадзе.
Што будзе далей?
Прывітанне з Сан-Дыега!
Мы ў захапленні ад энтузіязму, запалу і пазітыву, які нарадзіўся дзякуючы Вольнаму забегу. Усё гэта бачна на фота і на відэа, апублікаваным у сацсетках пад тэгам #belarus100run.
У Беларусі кажуць «першы блін – сабаку», але гэта дакладна не пра Вольны забег! У 2019 годзе мы паўторым наш забег, мы паб'ем усталяваны рэкорд па кіламетражы, па колькасці краінаў і кантынентаў, па колькасці ўсмешак і бел-чырвона-белых сцягаў, праўда ж?
Аляксандра Папчанка з Нігерыі
Быць можа другі Вольны забег будзе са спонсарамі, з простай сістэмай рэгістрацыі і он-лайн вынікамі. Быць можа (усяляк бывае!) – нават з прызамі ці міні-спаборніцтвамі. Усё ў нашых руках! Калі вы маеце ідэі і гатовыя выдаткоўваць свае час, сілы і натхненне на вольны забег – пішыце мне ці Вользе ў сацсетках. І Вольны забег-2019 будзе яшчэ круцейшы! Жыве Беларусь!

Зміцер Jimmi Ягораў, 42км
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website