БЯЖЫ!

Блог пра тое, як узяць сябе ў рукі
і пачаць бегаць

Пра аўтара або Навошта нармальнаму чалавеку бегчы 42 км?

Ніколі раней я не быў заўважаны ў любові хоць да якога-кольвек спорту. Фізкультура ў школе мне шчыра не падабалася, я атрымліваў траякі за кросы, бездапаможна вісеў на перакладзіне, калі трэба было здаваць падцягванні і смешна боўтаўся, учапіўшыся ў канат на вышыні паўтара метры, калі трэба было залезці па ім пад самы столь.
І вось, 12 лістапада 2017 я планую прабегчы свой першы марафон. У Афінах, самы сапраўдны. Па маршруце, якому 2,5 тыс гадоў. Як можна да такога дакаціцца?
Пасля 30 я пабачыў у люстэрку яго – худога, бледнаватага чалавека, з неразвітай мускулатурай, у якога праз злоўжыванне півам і кілбаскамі раптам пачаў расці жывот. Відовішча было так сабе. І зразумела было, што далей такімі тэмпамі будзе толькі горш.

Я спрабаваў цягаць жалязкі ў трэнажорцы. Напампаваныя мужыкі раздуваліся, што тыя індыкі перад мускулістымі, але зграбнымі жанчынамі. Мяне механічнае падыманне-апусканне, расцягванне-сцісканне на розных трэнажорах зусім не натхняла.

Я зразумеў, што мне патрэбны кантакт з людзьмі. Таму я выбраў бокс.
Кантакту з людзьмі на боксе было болей, чым дастаткова. Затое я навучыўся скакаць на скалацы :)

Цела і розум хуценька прыходзяць да ладу. Вы ўяўляеце баксёра, які кажа: ах, у мяне вясенняя дэпрэсія, налівае сабе чырвонае віно і сядзіць-сумуе ля вакна? Вось, так не бывае. Усе дэпрэсіі, праблемы становяцца па-за фокусам пасля добрага спарынгу.

На боксе я зразумеў, што майму целу бракуе вынослівасці. Я пачаў бегаць. Спачатку па 3 км, потым 5... потым вырашыў прабегчы «дзясятку» – гарадскі забег.
На жаль, з фінансавых прычынаў ад боксу давялося адмовіцца. Але за прабежкі ў гарадскім парку плаціць не трэба!

Прабегчы 10 кіламетраў і не памерці – гэта была першая мая «нерэальная» мэта. За пару месяцаў я падрыхтаваўся да забегу. І зразумеў, што трэба браць вышэй.

Паўмарафон. 21 км бегам? Ці гэта не варʼяцтва? Ці я змагу? Наперадзе была восень і зіма, паўмарафон – увесну. Халодны вецер, дождж, снег, галалёд, мароз -20, завірухі? Я бягу. Я бягу і разумею, што цяпер гэтая дыстанцыя ў 10 км – руцінная трэніроўка. Нічога асаблівага. А яшчэ нядаўна – «варʼяцтва».

21 кіламетр даўся мне лёгка. Першыя 6 км я не заўважыў. Лёгкая эйфарыя, мы бяжым – нас некалькі тысячаў. На 12 кіламетры я пачаў адчуваць лёгкую стому і перайшоў у «эканомны» рэжым. Навокал увесь час штосьці адбывалася: хтосьці абганяў мяне, когосьці абганяў я. Людзі з ідэальнымі фігурамі. Людзі-калабочкі. Людзі-палачкі. Усе вельмі розныя.
Наш сцяг і медалька за Варшаўскі паўмарафон-2017
Пасля фінішу я падумаў: цяпер што? Марафон? Але гэта 42 км. Космас. Немагчыма. Дакладна гэтак я думаў пра 21 км. І пра 10. Але зерне ўпала ў глебу. І праз некаторы час я вырашўся на марафон. Самы сапраўды. Той, які адбыўся 2,5 тысячы гадоў таму ў Грэцыі.
Грэцкі ваяр Фідзіпід пасля крывавай бітвы пабег з Марафону ў Афіны, каб прынесці навіну пра перамогу. На фінішы, у сэрцы Афінаў Фідзіпід выкрыкнуў: «Радуйцеся, афіняне! Мы перамаглі!» І сканаў. Але дзеля яснасці: ён бег у Афіны не па тагачасныя лайкі. Горад быў у жаху, бо шанцаў у грэкаў выйграць бітву было мала. З гадзіны на гадзіну гараджане чакалі ўварвання персаў, з далейшымі пагромамі, пажарамі, разнёй, гвалтам і ўгонам жанчын і дзяцей у рабства. Таму на Фідзіпіда ВЕЛЬМІ чакалі.

Я не збіраюся ў дакладнасці паўтараць лёс Фідзіпіда. Але 42 кіламетры з гораду Марафон у горад Афіны я маю намер прабегчы. І гэта не будзе а ні варʼяцтвам, а ні катаваннем. За гэты невялікі час сваіх трэніровак я навучыўся, што галоўная праца – гэта падрыхтоўка да спаборніцтва. А ўдзел у забегу – гэта не цяжкае выпрабаванне, а ўзнагарода за ўвесь пот, выліты падчас рыхтаванняў.

Дапаможа мне ў гэтым план падрыхтоўкі да марафону, кансультацыі ў удзел у трэніроўках у адным з бегавых клубаў і вашае падтрыманне.

Калі вы – навічок ці толькі збіраецеся пачаць бегаць і маеце пытанні, у тым лі ку «глупыя» (насамрэч такіх не бывае) – пішыце мне на паштовую скрыню. Абапіраючыся на свой сціплы досвед я буду старацца на іх адказваць, як навічок навічку ў рубрыцы #практыкум, або шчыра адпраўляць па парады да адмыслоўцаў. А калі вы шукаеце матывацыі – запрашаю ў адпаведны раздзел на гэтым сайце.

Зміцер Ягораў

This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website