Вы, як і я, плануеце свой першы марафон? Баіцеся, што не дадзіце рады? Згадайце, дзе вы былі год таму. Магчыма, тады для вас паўмарафон падаваўся подзвігам. А сёння – крок па кроку вы набліжаецеся да вяршыні, пра якую шмат хто і не марыць. Тады вы думалі, што зойдзеце так далёка? Вы б ганарыліся сабою тады, калі б хтосьці паказаў вам кавалачак будучыні? Безумоўна!
Кожны з нас калісьці ўпершыню выйшаў на прабежку. Вельмі часта гэта былі трэніроўкі ў першых-лепшых красоўках, якія не шкада, у вопратцы, якая хоць трошку нагадвае спартовую. Сам сябе згадваеш з іранічнай усмешкай. Але пра такіх «зялёных» бегуноў, калі сустракаю на прабежцы, я думаю з павагаю. Чалавек адважыўся і паспрабаваў зрабіць сябе лепшым. Як яго можна не паважаць?
Падобнае хваляванне я адчуваў, калі запісаўся на спаборніцтвы з удзелам польскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Іх праца сярод іншага – быць штодня ў добрай форме.