БЯЖЫ!

Блог пра тое, як узяць сябе ў рукі
і пачаць бегаць
Гэтыя «малыя» але... «забойныя» трэніроўкі
Звычайны чацвер, нічога не сурочыла... Чарговая трэніроўка па графіку, у прынцыпе – на паўгадзінкі. Ці я думаў, што вярнуся такім выціснутым? Што я зрабіў не так?
На сцяне ў мяне вісіць каляндар падрыхтоўкі да марафону за 16 тыдняў. Вісіць ён там па-першае, для матывацыі. Бо кожную выкананую трэніроўку я пазначаю зялёным маркерам. І вось – паперка зелянее і гэта мяне цешыць.

Па-другое, графік гэты патрэбны, каб «па-навуковаму» ўсё ж падрыхтавацца да марафону ў Афінах, прабегчы яго, а не працягнуць ногі кіламетры так на 30-м.
Фота графіка - архіўнае, гэтак было на самым пачатку :)

І вось ёсць у гэтым графіку энігамтычныя запісы кшталту «12, 10, 8 L3, у перапынках 2 хв. L 1», што азначае – прабегчы адпаведна па 12, 10 і 8 хвілінаў на хуткасці, блізкай да максімальнай (L4 – максімум, на што ты здольны), а паміж імі – 2 хв самым спакойным подбегам.

Каб нічога не паблытаць, я, як школьнік перад іспытам, пераношу сабе гэтыя формулы на руку.

Вечар цудоўны, прахалодны. Ганяюць раварысты, доўгананогія дзеўчыны на роліках, мілыя дзеткі з хатнімі ваўкамі, якія сваім рыкам дадаюць табе адрэналіну. У навушніках «The Pixies», усё як належыць.

Першыя 12 даў рады, натуральна. 10 наступных хвілінаў былі цягучыя, што твой ліпавы мёд, у якім я, як муха, неяк спрабаваў максімальна хутка перабіраць нагамі. І вось – апошнія восем хвілінаў! Ерунда ж зусім – восем хвілінаў-та. Ледзь даў рады да сямі. А потым, гляджу: апошняя хвіліна! А сілаў яшчэ насамрэч вунь колькі! І прыпусціў яшчэ шпарчэй.

Дадому са стадыёна ў парку вяртацца – таксама бегам, але там няшчасныя 3 км.

А дома як падлічыш – 3 км туды, 3 назад. Там – роўна 30 хвілінаў у тэмпе набліжаным да максімальнага. GPS не браў. Колькі гэта? Кіламетраў 6 прынамсі.

Вось і выйшла дзясятачка, большая частка якой – у тэмпе, набліжаным да «макса». Усё зрабіў «так», проста не разлічыў, што гэта не супер-лайт-трэнінг.

А здавалася – «выйду на паўгадзінкі» :)
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website