Бегчы з польскімі вайскоўцамі было пякельна цяжка. Там практычна не было выпадковых людзей. Траса праходзіла трошку праз пяскі, трошку праз горачкі, праз дарогі з карэннямі. Супернікі адразу пайшлі надта добрым тэмпам. Але я даў рады. Іншага варыянту проста не было.
На 8,5 км даў пяць сыну, палюбаваўся на маю каханую. І падумаў: тысяча катоў, ЯШЧЭ СТОЛЬКІ Ж! Неяк пераключыў думкі з кіламетражу на іншае, бо інакш было невыносна. Траса была на два кругі і я ведаў, што мяне ізноў чакаюць горачкі, пясок і карэнні. Вадапой быў толькі адзін, шкляначка 150 мл.
Праз тое, што гэта была траса на два кругі, цяжкавата было псіхалагічна: я ўжо пачаў стамляцца але ведаў, што наперадзе яшчэ столькі ж. І таму я пачаў выкарыстоўваць псіхалагічныя «штучкі»: я перыядычна ў думках «прывязваўся» да іншых бегуноў, уяўляў, што ён мяне цягне за сабою на эластычным тросе з гумы. Я ставіў мэту спачатку ўтрымацца, а потым абагнаць. У большасці выпадкаў атрымлівалася.