БЯЖЫ!

Блог пра тое, як узяць сябе ў рукі
і пачаць бегаць
«Я буду апошнім, усе будуць смяяцца»
Пару словаў пра матывацыю, прэсінг адказнасці і самаадзнаку, калі ты бяжыш.
Бег - шэта трошачку палёт
Мы, аматары, займаемся спортам, каб быць мацнейшымі, здаравейшымі, з трывалымі нервамі. Але часам «хутчэй-вышэй-мацней» заводзіць нас у пастку. Мы пачынаем катаваць сябе фізічна і выпальваць псіхалагічна. Важна дакладна пабачыць «пункт невяртання». І трымацца ад яго падалей.
Няўдачнікаў і слабакоў ніхто не любіць. Так лічыцца. Я не змагу зламаць гэты стэрэатып ці пераканаць вас у тым, што быць найслабейшым – крута. Але ва ўласным досведзе маю красамоўны прыклад.
Некалькі гадоў таму мне каштавала шмат наважыцца і пайсці на першую трэніроўку на мае першыя баявыя адзінаборствы Krav Maga. Кепская фізічная форма, няўпэўненасць кампенсаваліся і пераважваліся жаданнем стаць лепш, пазнаёміцца са светам аматарскага спорту.
Ну што я скажу, першыя трэніровак пяць было пякельна цяжка. Былі сінякі, «заквасы». Былі ў спарынгах праціўнікі ў значна лепшай форме і значна, радыкальна лепшыя за мяне ў тэхніцы. Але спорт тым адрозніваецца ад вулічнай бойкі: да цябе ставяцца з павагаю. Ты прыйшоў сам, цябе не злавілі ў падваротні. Ты хочаш стаць мацнейшым. Ты хочаш вучыцца. Здзекавацца з навічкоў у спартовых секцыях ніхто сабе не дазволіць. А хто паспрабуе – трэнер хутка гэта заўважыць і паставіць «крутога» на месца. Падобнае я назіраў і ў баксёрскім клубе.
Ок, а што наконт бегу?
Вы, як і я, плануеце свой першы марафон? Баіцеся, што не дадзіце рады? Згадайце, дзе вы былі год таму. Магчыма, тады для вас паўмарафон падаваўся подзвігам. А сёння – крок па кроку вы набліжаецеся да вяршыні, пра якую шмат хто і не марыць. Тады вы думалі, што зойдзеце так далёка? Вы б ганарыліся сабою тады, калі б хтосьці паказаў вам кавалачак будучыні? Безумоўна!
Кожны з нас калісьці ўпершыню выйшаў на прабежку. Вельмі часта гэта былі трэніроўкі ў першых-лепшых красоўках, якія не шкада, у вопратцы, якая хоць трошку нагадвае спартовую. Сам сябе згадваеш з іранічнай усмешкай. Але пра такіх «зялёных» бегуноў, калі сустракаю на прабежцы, я думаю з павагаю. Чалавек адважыўся і паспрабаваў зрабіць сябе лепшым. Як яго можна не паважаць?
Падобнае хваляванне я адчуваў, калі запісаўся на спаборніцтвы з удзелам польскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Іх праца сярод іншага – быць штодня ў добрай форме.
Чувак бяжыць - і яму добра! Хоць і не першы
Не мае значэння, на якім этапе быць навічком: на гарадскім 10-кіламетровы забегу ці на ульрамарфаоне. Гэта вартае павагі. Незалежна ад выніку на секундамеры. Каб гэта зразумець, варта вярнуцца да падмурку, чаму мы пачынаем займацца аматарскім спортам? Каб быць мацнейшымі. Здаравейшымі. І ў добрым настроі! Марафоны і іншыя забегі для аматараў – гэта свята, а не іспыт!
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website