БЯЖЫ!

Блог пра тое, як узяць сябе ў рукі
і пачаць бегаць
«Я ненавіджу бег. І што ты мне на гэта?»
Адкуль у нас узялася нелюбоў да бегу і як гэта змяніць.

Школьны стадыён. Я не прабег і аднаго круга з трох, але вось-вось выплюну лёгкія, Горла баліць, твар чырвоны, у баку коле крывы іржавы цвік. Не-на-ві-джу! Ненавіджу бег!

У журнале красуецца «траяк», мы – потныя падлеткі, пераапранаемся і ідзем на матэматыку. Урок засвоены вельмі добра: бег гэта катаванне і цярпенне, пасля якога не бывае ўзнагароды.
Нас ніхто не вучыў... бегаць
У школе, ва ўніверсітэце ці каледжы ад нас чакалі выніку, але не тлумачылі, як яго дасягнуць. А ацэньвалі паводле секундамеру і табліцы нарматываў, дзе аніякіх паблажак не было. Круціся, як хочаш.

Ніхто не вучыў нас раскладаць сілы на доўгія дыстанцыі. Размінкі, калі былі, то «фармальныя»: памахалі ручкамі, пабегалі па колу – і наперад. Тэхніка бегу? Фізруку было не да таго. За 45 хвілінаў трэба паспець сабраць усіх разам, вывесці на стадыён, «размяць», дысцыплінаваць аболтусаў, павыцягваць з кустоў двоешнікаў-курыльшчыкаў, змусіць усіх прабегчы гэтыя тры кіламетры і даць хоць 15 хв пагуляць у футбол. А потым завесці ўсіх назад.

Цяпер усё будзе па-іншаму. Я вам гарантую гэта
Бегайце з галавою. Не бярыцеся адразу за вялікія дыстанцыі. Не змушайце сябе выплёўваць лёгкія праз хуткі тэмп. Ніхто не ўлепіць вам «траяк».
Прабегчы 10 км вам падаецца чымсьці нерэальным? Пачынайце з 5! «Пяцёрачка» падаецца вам варʼяцтвам? Бярыце 2,5. А нават і гэта можа быць для першай свядомай прабежкі зашмат.
Выбірайце такі тэмп, які будзе камфортны. Гэта значыць – без цяжкага дыхання, так, каб можна было на бягу сказаць сказу ў 5-8 словаў.

Няхай іншыя бегуны вас будуць абганяць. Яны таксама пачыналі з малых дыстанцый і тэмпу. Калі я бачу на стадыёне ці ў парку зусім навічка, я адчуваю павагу да гэтага чалавека, які падняўся з канапы. Які мае настолькі моцны дух, каб заняцца сабою. Прымусіць сваё цела, непрызвычаенае да хоць якіх нагрузак, выйсці на вуліцу. Перад ім – дарога прагрэсу: кожны наступны бегавы тыдзень будзе прыносіць перамогі. Далей, хутчэй... весялей!

Вашыя прабежкі ніколі не будуць такімі, як на фізкультуры ў школе ці ўніверы. Бо гэта вашае рашэнне, а не прымус. Вашыя дыстанцыі, ваш тэмп. Вашая гульня – вашыя правілы!

This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website