«Бег для ўсіх» – пафасная казачка, якая насамрэч... праўда?
У мяне ёсць сябар Вася. З ім мы каля году разам хадзілі на бокс. «Проста Вася створаны для боксу», – думаю я, схапіўшы ад яго чарговую плюху на трэніроўцы.
Яшчэ ў мяне ёсць сябар Яр. Здаровы лысы мужык. Такога запраста ўяўляю са штангаю.
Ці праўда, што целасклад вызначае твой далейшы аматарска-спартовы лёс? Што рабіць хлопцу, худому, як палка? Дзяўчыне, да якой «ласкава» звяртаюцца «ты мой піражок»?
Літаральна ўчора я завяршаў сваю расслабленую «пяцёрачку» і на апошніх кіламетрах мяне абагнала дзяўчына, ды так, што проста адчуў «ударную хвалю». Калі б я быў бабулькай, то напэўна схапіўся і за галаву з енкам «А божачкі, якая ж худзюшчая!!!». Але я не бабулька. Я проста бягу свае пяць кіламетраў. І мне стала цікава: на колькі дзяўчыны хопіць на гэткі тэмп. І паднаціснуў.
«Пераследванне» працягвалася з 1,5 кіламетры, бег я з хуткасцю каля 4 хв / км, што для мяне досыць хутка. Але сілуэт дзяўчыны заставаўся дзесьці на даляглядзе. Я зразумеў, што пытанняў адносна сурʼёзнасці падрыхтоўкі ў мяне больш няма. І яшчэ раз пераканаўся, што не варта судзіць пра ранера паводле ягонага вонкавага выгляду.
З худышкамі ўсё зразумела, а як жа быць з тымі, у каго «шырокая косць», або больш выразныя формы? Або што рабіць з узростам – калі табе далёка не 20 і не 30 і не 40?
Тут адкрыццём для мяне быў Варшаўскі паўмарафон. Вы думаеце, што такія дыстанцыі бегаюць дасканалыя ранеры? Ідэальныя фігуры? Падцягнутыя спартоўцы, што выпраменьваюць гэтую сваю фізічную дасканаласць, як на рэкламах спартовай вопраткі?
Я бачыў розных людзей, якія мяне абганялі, якіх я абганяў. Мужчыны атлетычнага целаскладу. Дзевачкі-худышкі з ножкамі-запалкамі. Бегуны і бягунні з «бачкамі». Тата з каляскай. Мужчына без рукі. Дзядуля з сівымі вусамі. Бягун з жывоцікам, які праляцеў міма мяне на 15-м кіламетры, як пушачнае ядро. Шмат розных людзей. І абсалютная большасць з іх дабегла, даляцела да фінішу.
Я на свае вочы бачыў тысячы доказаў, што бег – для ўсіх.